?

Log in

[sticky post] Шаноўнае спадарства!

Вітаем Вас на старонцы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Тут змешчана інфармацыя аб выставах, творчых сустрэчах, прэзентацыях кніг і іншых мерапрыемствах, якія адбудуцца ў нашым музеі, а таксама ёсць магчымасць пакінуць свае водгукі.

Адрас музея: г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13 (Траецкае прадмесце).

З 15 сакавіка 2013 г. будынак музея зачынены ў сувязі з правядзеннем капітальнага рамонту.

Падчас рамонту мерапрыемствы і выставы будут ладзіцца сумесна і на базе іншых устаноў.
Baradulin24 лютага а 17-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на адкрыццё выставы "Рыгор Барадулін. Прыходзім, каб знайсці сябе ў жыцьці...", прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі.

Талент Рыгора Барадуліна адзін з самых значных і самабытных у сучаснай беларускай паэзіі. Шматгранная даравітасць – лірык, ліра-эпік, ліра-сатырык, востры публіцыст, эсэіст, дасведчаны крытык. Рыгор Барадулін стаў вострапалемічным абаронцам духоўных скарбаў, ён стаў майстрам-чарадзеем, слова якога набірае магічную сілу ўздзеяння. Мастацкае слова паэта было заклікана сцвердзіць невычарпальныя магчымасці беларускай мовы.

На літаратурна-дакументальнай выставе будуць прадстаўлены рэчы з фондаў музея (фотаздымкі, рукапісы, лісты, кнігі), якія перадаў сам Рыгор Іванавіч. Госці вечарыны ўбачаць прадметы і з асабістага архіва пісьменніка (фотаздымкі, дакументы, асабістыя рэчы, сувеніры, падарункі і інш.), перададзеныя жонкай паэта Валянцінай Міхайлаўнай. Усе гэтыя матэрыялы шырокая аўдыторыя ўбачыць упершыню.

Выстава дае магчымасць прасачыць жыццёвы і творчы шлях Рыгора Барадуліна. Перад намі паўстае сын, каханы, бацька, дзед, пісьменнік, сябар, грамадзянін сваёй Бацькаўшчыны, чалавек моцна ўлюблёны ў сваю родную Вушаччыну. Прайшоўшы доўгі няпросты шлях ад бацькоўскай хаты, ад матчынай мовы ў шырокі свет, да вяршыняў літаратурнага Парнаса, сёння  Рыгор Іванавіч зноў вярнуўся дадому, бліжэй да маці. Так ён хацеў сам. Жыццёвае кола замкнулася, але над Вушаччынай, над Беларуссю жыве, пануе, ляціць паэтычнае слова вялікага майстра.

На адкрыцці выставы будуць прысутнічаць пісьменнікі, сябры, родныя Рыгора Іванавіча, аматары творчасці паэта.

Месца правядзення: Літаратурны музей Максіма Багдановіча (вул. М.Багдановіча, 7а).
navumenka10 лютага а 17-й гадзіне адбудзецца адкрыццё выставы "Іван Навуменка. Мудрасць слова і жыцця", прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, літаратуразнаўцы, прафесара, грамадскага дзеяча Івана Якаўлевіча Навуменкі.

Постаць гэтага чалавека нагадвае фальклорнага асілка, які валодае не толькі фізічнай сілай, але і духоўнай. Настойлівасць, мэтанакіраванасць, дабрыня і мудрасць – усё гэта чыталася ў яго вачах. Цвёрдым упэўненым крокам ішоў ён ад твора да твора, ад адной вяршыні да другой, перадаючы поступ жыцця, імклівы рух эпохі, што ствараўся розумам, рукамі яго пакалення. Сучаснаму чалавеку застаецца спасцігнуць і асэнсаваць маштабнасць і неабсяжнасць асобы Івана Навуменкі, яго значны след не толькі ў літаратуры, але і ў станаўленні беларускай навукі, развіцці грамадскай думкі.

На выставе, падрыхтаванай супрацоўнікамі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, будуць прадстаўлены цікавыя рэчы з асабістага архіва пісьменніка, большасць з якіх шырокая аўдыторыя ўбачыць упершыню. Жыццёвы і творчы шлях Івана Навуменкі наведвальнік зможа прасачыць праз шэраг фотаздымкаў, дакументаў, сувеніраў, эпісталярыяў, рукапісаў твораў. Кожны экспанат раскрывае асобу творцы з розных бакоў, але адна рыса будзе прасочвацца ва ўсім – гэта мудрасць, якую нёс Іван Якаўлевіч і ў слове, і ў асабістым жыцці.

На адкрыцці выставы будуць прысутнічаць навукоўцы, калегі, родныя і блізкія пісьменніка. Яны падзеляцца сваімі ўспамінамі пра Івана Навуменку – даследчыка, пісьменніка, дэпутата, бацьку...

Месца правядзення: Літаратурны музей Петруся Броўкі (г. Мінск, вул. К.Маркса, 30).
vozyk27 студзеня а 16-й гадзіне адбудзецца адкрыццё выставы карыкатур часопіса "Вожык" "Мастакі — народ такі!..".

Часопіс "Вожык" — старэйшае літаратурна-мастацкае выданне ў галіне сатыры і гумару. Выходзіць з 1941 года (у 1945 г. стаў пераемнікам знакамітага баявога выдання, агітплаката "Раздавім фашысцкую гадзіну"). З успамінаў Заіра Азгура: "У Гомелі пачалася бурная дзейнасць па стварэнні газеты. Яшчэ ў дарозе ён [П.Броўка] думаў пра яе назву. Па-камсамольску горача даказваў, што сама назва павінна біць па ворагу. Спыніліся на тым, што ён і прапанаваў, — "Раздавім фашысцкую гадзіну!". Паэт быў здаволены — у гэтым закліку былі і пэўная накіраванасць, і метафарычнасць, і патрабавальны заклік-загад Радзімы".

Усё лепшае, што створана беларускімі пісьменнікамі і мастакамі-карыкатурыстамі ў сатыры і гумары, прайшло праз "Вожык". У часопісе друкаваліся ўсе нашы класікі. Асноўны аўтарскі актыў складалі беларускія пісьменнікі і паэты — Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Васіль Вітка, Максім Лужанін, Анатоль Астрэйка, Антон Бялевіч і іншыя.

Заўсёды шанцавала выданню і на мастакоў. Увогуле, прасцей пералічыць тых, хто ніколі не супрацоўнічаў з "Вожыкам", чым назваць тых, хто звяртаўся ці звяртаецца да любімых у народзе сатырычна-гумарыстычных жанраў. У афармленні часопіса актыўны ўдзел прымалі беларускія мастакі-прафесіяналы Заір Азгур, Анатоль Волкаў, Аскольд Чуркін, Мікалай Гурло, Яўген Бусел, Леанід Чурко, Валянцін Ціхановіч. У падрыхтоўцы нумароў газеты побач з беларускімі мастакамі актыўны ўдзел прымалі маскоўскія і ленінградскія графікі — Кукрыніксы, В.Гараеў, Л.Брадаты, Б.Яфімаў, Г.Вальк, Д.Дубінскі.

У розныя часы галоўнымі рэдактарамі "Вожыка" былі Міхась Чавускі, Кандрат Крапіва, Павел Кавалёў, Уладзімір Корбан, Аляксандр Раманаў, Валянцін Блакіт, Міхась Пазнякоў, Алесь Пісьмянкоў, Уладзімір Саламаха.

У экспазіцыі прадстаўлены карыкатуры вядомых беларускіх мастакоў-карыкатурыстаў: Алега Папова, Аляксандра Каршакевіча, Сяргея Волкава, Алега Гуцолы, Пятра Козіча, Вікенція Пузанкевіча, Паўла Гарадцова (Шычко), Анатоля Гармазы, Андрэя Слуцкага, Алега Курпіка.

Месца правядзення: Літаратурны музей Петруся Броўкі (г. Мінск, вул. К.Маркса, 30).
16 снежня ў 17.30 адбудзецца навагодняе свята "Беларуска-нямецкія Каляды", якое традыцыйна ладзяць Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Інстытут нямецкіх даследаванняў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.

Каляды – адно з тых зімовых святаў, якое і дзеці і дарослыя чакаюць з асаблівай радасцю, і ў чаканні якога мараць аб здзяйсненні жаданняў і недзе ў душы вераць у цуд. Нашы продкі таксама з нецярпеннем чакалі калядныя дні, абавязкова адказна да іх рыхтаваліся і заўсёды імкнуліся сустрэць свята больш урачыста. Лічылася – як правядзеш калядны вечар – такі будзе і ўвесь год.

І сёння Каляды – адно з прыгажэйшых зімовых святаў, час святочных ялінак, падарункаў, варажбы, вясёлых гульняў, якія ў спалучэнні з непаўторным святочным настроем ствараюць атмасферу чароўнай казкі.

Завітаўшы да нас на свята, вы зможаце паўдзельнічаць у вясёлых святочных гульнях, танцах і песнях, пакінуць свае пажаданні на каляднай ялінцы, сваімі рукамі зрабіць сапраўдную калядную выцінанку і на свой густ размаляваць пернік.

У праграме свята:
- прадстаўленне беларускага каляднага абраду
- батлейка
- калядныя спевы і танцы
- кава і салодкі пачастунак (самаробны салодкі пачастунак ад гасцей вітаецца)
- гульня "Абмен падарункамі" (для ўдзелу прынясіце з сабой маленечкі падарунак)
- конкурс касцюмаў (вітаем гасцей у калядным адзенні!)
- майстар-класы па выцінанках і размалёўцы пернікаў

Сардэчна запрашаем! Прыходзьце, будзе весела!

Месца правядзення: Літаратурны музей Максіма Багдановіча (вул. М.Багдановіча, 7а, Траецкае прадмесце).
Мы просім Вас аб папярэдняй рэгістрацыі на мерапрыемства да 15 снежня па тэл. (017) 209-59-90 ці праз e-mail ifd@bsu.by.

Tags:

17 лістапада 16-й гадзіне ў філіяле "Літаратурны музей Петруся Броўкі" ў рамках выставачнага праекта "Дыяменты прыгожага пісьменства", прымеркаванага да 100-гадовых юбілеяў беларускіх пісьменнікаў, адбудзецца адкрыццё выставы з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і мерапрыемства "Паэтычная вольнасць без адвольнасці", прысвечаных 100-годдзю з дня нараджэння вядомага крытыка, пісьменніка, аднаго з найбольш адметных прадстаўнікоў беларускага мастацкага перакладу ХХ стагоддзя Язэпа Семяжона.

Язэп Семяжон нарадзіўся 16 лістапада 1914 года ў в. Пятровічы ў сям’і лесніка. Пасля заканчэння Смілавіцкай сярэдняй школы вучыўся на драматычных курсах у Мінску. У 1932-1934 гг. — акцёр Беларускага дзяржаўнага драмтэатра. Скончыў факультэт замежных моў Мінскага педагагічнага інстытута.

Распачатую Семяжонам працу над перакладамі лепшых здабыткаў сусветнай паэзіі перапыніла Вялікая Айчынная вайна. Пасля яе заканчэння Язэп Семяжон доўгія гады працуе выкладчыкам замежных моў, але ўсё больш і больш аддаецца другой, а правільней сказаць — першай сваёй любімай справе — перакладам. Апошняе дзесяцігоддзе было асабліва плённым у яго творчай паэтычнай дзейнасці. Менавіта ў гэты перыяд былі апублікаваны і атрымалі высокую ацэнку і прызнанне яго пераклады трагедыі Шэкспіра "Кароль Лір", зборніка вершаў Радары "Неапаль без сонца", зборніка вершаў Бёрнса "Шатландская слава", вершаў і паэм Байрана, Гейнэ, Славацкага, Уітмена, Кітса і многіх іншых сусветнавядомых паэтаў.

Язэп Семяжон перакладаў творы з 34 моў свету. З лацінскай мовы — паэму Міколы Гусоўскага "Песня пра зубра", з польскай — паэму Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш". Пераклады Семяжона карыстаюцца вядомасцю і прызнаннем не толькі ў Беларусі. Яны атрымалі высокую ацэнку на радзіме Бёрнса, Славацкага, Радары.

На выставе будуць прадстаўлены асабістыя рэчы, дакументы, фотаздымкі, рукапісы пісьменніка. Пад час мерапрыемства выступяць вядомыя літаратуразнаўцы, даследчыкі творчасці Язэпа Семяжона, прагучаць успаміны аб жыцці і творчасці перакладчыка.

Месца правядзення: філіял "Літаратурны музей Петруся Броўкі" (вул. К.Маркса, 30).
24 кастрычніка а 16-й гадзіне ў рамках доўгатэрміновага супрацоўніцтва Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Дзяржаўнага мемарыяльнага гісторыка-літаратурнага і прыродна-ландшафтнага музея-запаведніка А.С.Пушкіна "Міхайлаўскае" ў філіяле "Літаратурны музей Максіма Багдановіча" адбудзецца адкрыццё выставы графічных работ Валянціна Васільева "Пушкінагор’е" са збору Пушкінскага Запаведніка.

Валянцін Міхайлавіч Васільеў (1940-1986) быў арганізатарам і доўгі час з’яўляўся дырэктарам Пскоўскай дзіцячай мастацкай школы. Гэтым майстар зрабіў вялікі ўнёсак у вобраз Пскова як горада таленавітых людзей, і, перш за ўсё, — мастакоў, бо шмат хто з іх быў ягоным выхаванцам. У творчасці самога Валянціна Васільева асноўнай тэмай быў Пскоў.

Другім шматгадовым захапленнем В.Васільева былі Пушкінскія мясціны Пскоўшчыны. Яго аўтарству належыць некалькі серый графічных работ на розных матэрыялах — лінагравюры, ксілаграфіі, гравюры на пластыку, афорты. Працы мастака пабывалі на многіх выставах, служылі ілюстрацыямі да твораў розных аўтараў. Выдадзены альбом "Валентин Васильев. Графика" з серыі "Святогорская галерея" (с. Михайловское, 2008).

На выставе прадстаўлены гравюры на пластыку, якія выкананы да 1978 года па адбітках з аўтарскіх дошак. Ажурнасць, вытанчаная лінія раствараюць агульную серабрыстую гаму, але за ёй угадваецца сінеча возера і неба, зеляніна травы, рознаколернасць берага і луга.

Месца правядзення: Літаратурны музей Максіма Багдановіча (г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а, Траецкае прадмесце).

"Адзнака ўзроўню вады"

7 кастрычніка а 18-й гадзіне ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі адбудзецца адкрыццё фотавыставы "Адзнака ўзроўню вады", якая з’яўляецца мастацкім сінтэзам на падставе літаратурных уражанняў маладой фотамастачкі Марыі Якімовіч. Кропкай адліку выставы лічацца эсэ Іосіфа Бродскага.

Бродскі – выгнаны паэт, "ахвяра геаграфіі", але яго выгнанне пераўтварылася ў магчымасць пашырыць радыус яго перамяшчэнняў у прасторы, стала прычынай з’яўлення сапраўднага "грамадзяніна свету" з уласнай філасофіяй вандровак. У сваіх інтэрв’ю ён называе сябе качэўнікам, які імкнецца скампраметаваць саму ідэю гарызонта.

Пастуліруючы неабходнасць руху і параўноўваючы кожны прыпынак са смерцю, паэт і філосаф Бродскі надае кожнай вандроўцы асаблівы сэнс – набыццё дадатковых навыкаў адзіноты, магчымасць выйсці за часавыя і прасторавыя рамкі. Так ўзнікае цалкам асаблівы позірк на перамяшчэнне ў абшары, знаёмства з гарадамі, краінамі, людзьмі. У адным са сваіх інтэрв’ю ён кажа: "Увогуле, для таго, каб сапраўды зразумець, што ёсць тая ці іншая краіна, тое ці іншае месца, туды трэба ехаць зімой, канешне. Таму што зімой жыццё больш рэальнае, больш дыктуецца неабходнасццю. Зімой контуры чужога жыцця больш выразныя". Адсюль любоў да паездак у несезон, да адзіноты. І адсюль жа любоў да вады, гарадоў, якія вырастаюць з мора. Менавіта вада ў Бродскага паўстае метафарай свабоды ад прасторы і часу.

Куды б ні накіроўваўся пілігрым-філосаф Бродскі, Пецярбург і Венецыя – "неяўклідава прастора" – застаюцца самымі яскравымі кропкамі на яго паэтычнай мапе, гарадамі, якія выпадаюць з геаграфіі Бродскага.

Гасцінная кватэра ў доме № 30 па вуліцы К.Маркса заўсёды была прытулкам таленту і творчасці. Нягледзячы на геаграфію, падчас выставы ўсе шляхі сыдуцца ў выставачнай зале, дзе можна будзе атрымаць асалоду ад прагляду фотаздымкаў, чытання ўрыўкаў з твораў Бродскага на ангельскай (мове, на якой пераважна пісаліся эсэ), рускай (роднай мове аўтара) і беларускай (роднай нам) мовах. Эсэ "Fondamenta degli incurabili" або "Узбярэжная неацалімых" (1989), "Пуцяводнік па перайменаванаму гораду", эсэ са зборніка "Меньш за адзінку" (1986) будуць паэтычнай падтрымкай візуальных вобразаў, а таксама кропкай адліку выставы.

Месца правядзення: Літаратурны музей Петруся Броўкі (г. Мінск, вул. К.Маркса, 30).

"Дабяруся да нябёс"

23 верасня а 16-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ладзіць вечар памяці "Дабяруся да нябёс", прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння паэта Артура Вольскага.

Артур Вітальевіч – адзін з прадстаўнікоў таленавітага роду Вольскіх – займае годнае месца ў гісторыі беларускай літаратуры. Нарадзіўся паэт 23 верасня 1924 года ў горадзе Дзяржынску Мінскай вобласці ў інтэлегентнай сям’і артысткі і памежніка. Бацька – Віталь Вольскі – стаў потым вядомым драматургам, празаікам, вучоным, аўтарам праслаўленага "Несцеркі". Вучыўся Артур Вольскі ў 25 мінскай узорнай чыгуначнай імя Чарвякова беларускай школе, дзе выкладаў геаграфію сам Янка Маўр. Пасля сёмага класа паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, але на пачатку вайны эвакуіраваўся ва Уральск, дзе працаваў мастаком у тэатры імя Якуба Коласа. У 1942 годзе быў прызваны ў Ваенна-марскі флот, служыў на Далёкім Усходзе боцманам, мінёрам, ваенным журналістам. З 1952 года працаваў у рэдакцыі газеты "Чырвоная змена", часопісах "Бярозка" і "Вясёлка". На працягу 15 гадоў узначальваў Беларускі тэатр юнага гледача, сябрам якога з’яўляўся з яго адкрыцця. Узнагароджаны ордэнамі "Знак пашаны", Айчыннай вайны 2-ой ступені, медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Малдаўскай ССР.

Творца спалучаў у сваёй асобе талент паэта і драматурга, мастака і педагога. Аўтар сямі зборнікаў паэзіі, больш як 40 кніг прозы, аповесцяў і апавяданняў, казак для дзяцей, некалькіх п’ес і кінасцэнарыяў, інтэрмедый для эстрады і цырка, літаратурных і публіцыстычных артыкулаў, а таксама лібрэта першай беларускай аперэты для дзяцей і падручніка беларускай мовы "Беларусачка". Перакладаў з рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, нямецкай і іўрыта.

Генадзь Бураўкін называў Артура Вольскага першапраходцам ва ўсе часы: адзін з першых патомных беларускіх пісьменнікаў, адзін з першых пасляваенных літаратараў, якія пачыналі мудра і даходліва гаварыць з юным чытачом, адзін з заснавальнікаў дзіцячага часопіса "Вясёлка".

Сярод гасцей вечарыны – родныя, даследчыкі, сябры – заслужаныя артысты Тэатра юнага гледача Ларыса Горцава і Мікола Лявончык, актор Леанід Улашчанка, пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса "Вясёлка" Уладзімір Ліпскі, паэт Мікола Чарняўскі.

Месца правядзення: Літаратурны музей Максіма Багдановіча (г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а).
22 верасня а 18-й гадзіне ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі адкрыецца выстава "Saving memory – you save yourself" ("Захоўваючы памяць – захоўваеш сябе"), прысвечаная Сусветнаму дню барацьбы з хваробай Альцгеймера, які з 1994 года штогод адзначаецца 21 верасня.

Хвароба Альцгеймера – міжнародная праблема, якая ахоплівае і Беларусь. На сённяшні дзень каля 44 мільёнаў людзей ў свеце пакутуюць ад падобнай хваробы і іншых тыпаў дэменцый. Па прагнозах, да 2030 года такі паказчык можа дасягнуць 76 мільёнаў, а да 2050 – да 115 мільёнаў чалавек.

Аўтар ідэі – псіхолаг Марына Кавалёва – пазыцыянуе выставу як акцыю-пасланне ў будучыню з мэтай паказаць сабе, свайму пакаленню і ўсім людзям тое, што ёсць іншы спосаб мыслення і бачання гэтай праблемы. Калі ўсе мы састарэем, не зможам рабіць тое, з чым раней спраўляліся лёгка і нязмушана, і раптам станем нікому не патрэбнымі – любы з нас зможа адкрыць у сабе іншыя магчымасці, а не арыентавацца на дэфект. Заўсёды ёсць альтэрнатыва, згодна якой можна знайсці свабодную пляцоўку для пабудовы сваёй памяці.

У музеі будуць прадстаўлены творчыя працы людзей з хваробай Альцгеймера, а таксама прадэманстраваны тры асноўныя ключы нашай памяці, якія могуць прыносіць задавальненне ад жыцця нягледзячы на хваробу.

Усе наведвальнікі экспазіцыі "Saving memory – you save yourself" атрымаюць магчымасць перажыць вопыт адной групы людзей, якая сутыкнулася з Алоісам Альцгеймерам напрамую.

Месца правядзення: Літаратурны музей Петруся Броўкі (г. Мінск, вул. К.Маркса, 30).