?

Log in

Previous Entry | Next Entry

"Дабяруся да нябёс"

23 верасня а 16-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ладзіць вечар памяці "Дабяруся да нябёс", прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння паэта Артура Вольскага.

Артур Вітальевіч – адзін з прадстаўнікоў таленавітага роду Вольскіх – займае годнае месца ў гісторыі беларускай літаратуры. Нарадзіўся паэт 23 верасня 1924 года ў горадзе Дзяржынску Мінскай вобласці ў інтэлегентнай сям’і артысткі і памежніка. Бацька – Віталь Вольскі – стаў потым вядомым драматургам, празаікам, вучоным, аўтарам праслаўленага "Несцеркі". Вучыўся Артур Вольскі ў 25 мінскай узорнай чыгуначнай імя Чарвякова беларускай школе, дзе выкладаў геаграфію сам Янка Маўр. Пасля сёмага класа паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, але на пачатку вайны эвакуіраваўся ва Уральск, дзе працаваў мастаком у тэатры імя Якуба Коласа. У 1942 годзе быў прызваны ў Ваенна-марскі флот, служыў на Далёкім Усходзе боцманам, мінёрам, ваенным журналістам. З 1952 года працаваў у рэдакцыі газеты "Чырвоная змена", часопісах "Бярозка" і "Вясёлка". На працягу 15 гадоў узначальваў Беларускі тэатр юнага гледача, сябрам якога з’яўляўся з яго адкрыцця. Узнагароджаны ордэнамі "Знак пашаны", Айчыннай вайны 2-ой ступені, медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Малдаўскай ССР.

Творца спалучаў у сваёй асобе талент паэта і драматурга, мастака і педагога. Аўтар сямі зборнікаў паэзіі, больш як 40 кніг прозы, аповесцяў і апавяданняў, казак для дзяцей, некалькіх п’ес і кінасцэнарыяў, інтэрмедый для эстрады і цырка, літаратурных і публіцыстычных артыкулаў, а таксама лібрэта першай беларускай аперэты для дзяцей і падручніка беларускай мовы "Беларусачка". Перакладаў з рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, нямецкай і іўрыта.

Генадзь Бураўкін называў Артура Вольскага першапраходцам ва ўсе часы: адзін з першых патомных беларускіх пісьменнікаў, адзін з першых пасляваенных літаратараў, якія пачыналі мудра і даходліва гаварыць з юным чытачом, адзін з заснавальнікаў дзіцячага часопіса "Вясёлка".

Сярод гасцей вечарыны – родныя, даследчыкі, сябры – заслужаныя артысты Тэатра юнага гледача Ларыса Горцава і Мікола Лявончык, актор Леанід Улашчанка, пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса "Вясёлка" Уладзімір Ліпскі, паэт Мікола Чарняўскі.

Месца правядзення: Літаратурны музей Максіма Багдановіча (г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а).