?

Log in

Previous Entry | Next Entry

"Адзнака ўзроўню вады"

7 кастрычніка а 18-й гадзіне ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі адбудзецца адкрыццё фотавыставы "Адзнака ўзроўню вады", якая з’яўляецца мастацкім сінтэзам на падставе літаратурных уражанняў маладой фотамастачкі Марыі Якімовіч. Кропкай адліку выставы лічацца эсэ Іосіфа Бродскага.

Бродскі – выгнаны паэт, "ахвяра геаграфіі", але яго выгнанне пераўтварылася ў магчымасць пашырыць радыус яго перамяшчэнняў у прасторы, стала прычынай з’яўлення сапраўднага "грамадзяніна свету" з уласнай філасофіяй вандровак. У сваіх інтэрв’ю ён называе сябе качэўнікам, які імкнецца скампраметаваць саму ідэю гарызонта.

Пастуліруючы неабходнасць руху і параўноўваючы кожны прыпынак са смерцю, паэт і філосаф Бродскі надае кожнай вандроўцы асаблівы сэнс – набыццё дадатковых навыкаў адзіноты, магчымасць выйсці за часавыя і прасторавыя рамкі. Так ўзнікае цалкам асаблівы позірк на перамяшчэнне ў абшары, знаёмства з гарадамі, краінамі, людзьмі. У адным са сваіх інтэрв’ю ён кажа: "Увогуле, для таго, каб сапраўды зразумець, што ёсць тая ці іншая краіна, тое ці іншае месца, туды трэба ехаць зімой, канешне. Таму што зімой жыццё больш рэальнае, больш дыктуецца неабходнасццю. Зімой контуры чужога жыцця больш выразныя". Адсюль любоў да паездак у несезон, да адзіноты. І адсюль жа любоў да вады, гарадоў, якія вырастаюць з мора. Менавіта вада ў Бродскага паўстае метафарай свабоды ад прасторы і часу.

Куды б ні накіроўваўся пілігрым-філосаф Бродскі, Пецярбург і Венецыя – "неяўклідава прастора" – застаюцца самымі яскравымі кропкамі на яго паэтычнай мапе, гарадамі, якія выпадаюць з геаграфіі Бродскага.

Гасцінная кватэра ў доме № 30 па вуліцы К.Маркса заўсёды была прытулкам таленту і творчасці. Нягледзячы на геаграфію, падчас выставы ўсе шляхі сыдуцца ў выставачнай зале, дзе можна будзе атрымаць асалоду ад прагляду фотаздымкаў, чытання ўрыўкаў з твораў Бродскага на ангельскай (мове, на якой пераважна пісаліся эсэ), рускай (роднай мове аўтара) і беларускай (роднай нам) мовах. Эсэ "Fondamenta degli incurabili" або "Узбярэжная неацалімых" (1989), "Пуцяводнік па перайменаванаму гораду", эсэ са зборніка "Меньш за адзінку" (1986) будуць паэтычнай падтрымкай візуальных вобразаў, а таксама кропкай адліку выставы.

Месца правядзення: Літаратурны музей Петруся Броўкі (г. Мінск, вул. К.Маркса, 30).