?

Log in

Previous Entry | Next Entry

24 кастрычніка а 16-й гадзіне ў рамках доўгатэрміновага супрацоўніцтва Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Дзяржаўнага мемарыяльнага гісторыка-літаратурнага і прыродна-ландшафтнага музея-запаведніка А.С.Пушкіна "Міхайлаўскае" ў філіяле "Літаратурны музей Максіма Багдановіча" адбудзецца адкрыццё выставы графічных работ Валянціна Васільева "Пушкінагор’е" са збору Пушкінскага Запаведніка.

Валянцін Міхайлавіч Васільеў (1940-1986) быў арганізатарам і доўгі час з’яўляўся дырэктарам Пскоўскай дзіцячай мастацкай школы. Гэтым майстар зрабіў вялікі ўнёсак у вобраз Пскова як горада таленавітых людзей, і, перш за ўсё, — мастакоў, бо шмат хто з іх быў ягоным выхаванцам. У творчасці самога Валянціна Васільева асноўнай тэмай быў Пскоў.

Другім шматгадовым захапленнем В.Васільева былі Пушкінскія мясціны Пскоўшчыны. Яго аўтарству належыць некалькі серый графічных работ на розных матэрыялах — лінагравюры, ксілаграфіі, гравюры на пластыку, афорты. Працы мастака пабывалі на многіх выставах, служылі ілюстрацыямі да твораў розных аўтараў. Выдадзены альбом "Валентин Васильев. Графика" з серыі "Святогорская галерея" (с. Михайловское, 2008).

На выставе прадстаўлены гравюры на пластыку, якія выкананы да 1978 года па адбітках з аўтарскіх дошак. Ажурнасць, вытанчаная лінія раствараюць агульную серабрыстую гаму, але за ёй угадваецца сінеча возера і неба, зеляніна травы, рознаколернасць берага і луга.

Месца правядзення: Літаратурны музей Максіма Багдановіча (г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а, Траецкае прадмесце).