?

Log in

Previous Entry | Next Entry

vozyk27 студзеня а 16-й гадзіне адбудзецца адкрыццё выставы карыкатур часопіса "Вожык" "Мастакі — народ такі!..".

Часопіс "Вожык" — старэйшае літаратурна-мастацкае выданне ў галіне сатыры і гумару. Выходзіць з 1941 года (у 1945 г. стаў пераемнікам знакамітага баявога выдання, агітплаката "Раздавім фашысцкую гадзіну"). З успамінаў Заіра Азгура: "У Гомелі пачалася бурная дзейнасць па стварэнні газеты. Яшчэ ў дарозе ён [П.Броўка] думаў пра яе назву. Па-камсамольску горача даказваў, што сама назва павінна біць па ворагу. Спыніліся на тым, што ён і прапанаваў, — "Раздавім фашысцкую гадзіну!". Паэт быў здаволены — у гэтым закліку былі і пэўная накіраванасць, і метафарычнасць, і патрабавальны заклік-загад Радзімы".

Усё лепшае, што створана беларускімі пісьменнікамі і мастакамі-карыкатурыстамі ў сатыры і гумары, прайшло праз "Вожык". У часопісе друкаваліся ўсе нашы класікі. Асноўны аўтарскі актыў складалі беларускія пісьменнікі і паэты — Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Васіль Вітка, Максім Лужанін, Анатоль Астрэйка, Антон Бялевіч і іншыя.

Заўсёды шанцавала выданню і на мастакоў. Увогуле, прасцей пералічыць тых, хто ніколі не супрацоўнічаў з "Вожыкам", чым назваць тых, хто звяртаўся ці звяртаецца да любімых у народзе сатырычна-гумарыстычных жанраў. У афармленні часопіса актыўны ўдзел прымалі беларускія мастакі-прафесіяналы Заір Азгур, Анатоль Волкаў, Аскольд Чуркін, Мікалай Гурло, Яўген Бусел, Леанід Чурко, Валянцін Ціхановіч. У падрыхтоўцы нумароў газеты побач з беларускімі мастакамі актыўны ўдзел прымалі маскоўскія і ленінградскія графікі — Кукрыніксы, В.Гараеў, Л.Брадаты, Б.Яфімаў, Г.Вальк, Д.Дубінскі.

У розныя часы галоўнымі рэдактарамі "Вожыка" былі Міхась Чавускі, Кандрат Крапіва, Павел Кавалёў, Уладзімір Корбан, Аляксандр Раманаў, Валянцін Блакіт, Міхась Пазнякоў, Алесь Пісьмянкоў, Уладзімір Саламаха.

У экспазіцыі прадстаўлены карыкатуры вядомых беларускіх мастакоў-карыкатурыстаў: Алега Папова, Аляксандра Каршакевіча, Сяргея Волкава, Алега Гуцолы, Пятра Козіча, Вікенція Пузанкевіча, Паўла Гарадцова (Шычко), Анатоля Гармазы, Андрэя Слуцкага, Алега Курпіка.

Месца правядзення: Літаратурны музей Петруся Броўкі (г. Мінск, вул. К.Маркса, 30).