?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry

Baradulin24 лютага а 17-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на адкрыццё выставы "Рыгор Барадулін. Прыходзім, каб знайсці сябе ў жыцьці...", прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі.

Талент Рыгора Барадуліна адзін з самых значных і самабытных у сучаснай беларускай паэзіі. Шматгранная даравітасць – лірык, ліра-эпік, ліра-сатырык, востры публіцыст, эсэіст, дасведчаны крытык. Рыгор Барадулін стаў вострапалемічным абаронцам духоўных скарбаў, ён стаў майстрам-чарадзеем, слова якога набірае магічную сілу ўздзеяння. Мастацкае слова паэта было заклікана сцвердзіць невычарпальныя магчымасці беларускай мовы.

На літаратурна-дакументальнай выставе будуць прадстаўлены рэчы з фондаў музея (фотаздымкі, рукапісы, лісты, кнігі), якія перадаў сам Рыгор Іванавіч. Госці вечарыны ўбачаць прадметы і з асабістага архіва пісьменніка (фотаздымкі, дакументы, асабістыя рэчы, сувеніры, падарункі і інш.), перададзеныя жонкай паэта Валянцінай Міхайлаўнай. Усе гэтыя матэрыялы шырокая аўдыторыя ўбачыць упершыню.

Выстава дае магчымасць прасачыць жыццёвы і творчы шлях Рыгора Барадуліна. Перад намі паўстае сын, каханы, бацька, дзед, пісьменнік, сябар, грамадзянін сваёй Бацькаўшчыны, чалавек моцна ўлюблёны ў сваю родную Вушаччыну. Прайшоўшы доўгі няпросты шлях ад бацькоўскай хаты, ад матчынай мовы ў шырокі свет, да вяршыняў літаратурнага Парнаса, сёння  Рыгор Іванавіч зноў вярнуўся дадому, бліжэй да маці. Так ён хацеў сам. Жыццёвае кола замкнулася, але над Вушаччынай, над Беларуссю жыве, пануе, ляціць паэтычнае слова вялікага майстра.

На адкрыцці выставы будуць прысутнічаць пісьменнікі, сябры, родныя Рыгора Іванавіча, аматары творчасці паэта.

Месца правядзення: Літаратурны музей Максіма Багдановіча (вул. М.Багдановіча, 7а).