?

Log in

bykawdaroga1 ліпеня а 17-й гадзіне да 90-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава і да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адбудзецца прэзентацыя перасоўнай выставы "Васіль Быкаў. Доўгая Дарога Дадому…"

У аснову выставы пакладзена апошняя прыжыццёвая кніга Васіля Быкава "Доўгая дарога дадому". Гэта ўспаміны пра асабіста перажытае амаль за 70 гадоў яго багатага падзеямі жыцця. Пісьменнік распавядае пра найбольш яркія старонкі сваёй біяграфіі, дае ацэнку грамадска-палітычным і культурным працэсам, што адбываліся ў Беларусі на яго вачах. Ва ўспамінах Васіля Уладзіміравіча перад намі паўстаюць тыя мясціны, дзе ён бываў, жыў, тыя гарады і дзяржавы, якія адыгралі пэўную ролю ў жыцці і творчасці. Сёння ў нас ёсць магчымасць прайсці дарогамі Чалавека, філосафа, пісьменніка, грамадзяніна сваёй Бацькаўшчыны, зразумець, што было каштоўным для гэтай велічнай асобы.

У адкрыцці выставы прымуць удзел сябры, калегі, родныя пісьменніка. Яны падзеляцца сваімі ўспамінамі, тым, што захоўвае памяць, тым, што трымае сэрца.

Душа папросіцца дадому,
Да ацалелага падстрэшша,
І, непавінная нікому,
Падасца Млечным Шляхам пеша…
Рыгор Барадулін

Месца правядзення: Літаратурны музей Петруся Броўкі (г. Мінск, вул. К.Маркса, 30).

ХХІІ Гарэцкія чытанні

26 чэрвеня а 10-й гадзіне ў філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры – Літаратурным музеі Петруся Броўкі –  адбудзецца штогадовая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя – ХХІІ Гарэцкія чытанні "Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць". Сёлетняя канферэнцыя прымеркавана да 100-годдзя Першай і 75-годдзя Другой сусветных войнаў.

Максім Гарэцкі (1893-1938 гг.) – адзін з пачынальнікаў эпічнага жанру ў беларускай літаратуры, актыўны дзеяч нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі і БССР, удзельнік Першай сусветнай вайны. Аўтар эпапеі "Камароўская хроніка", рамана "Віленскія камунары", аповесцяў "Ціхая плынь" і "Дзве душы" і інш., а таксама некалькіх твораў антываеннага характару. У сваёй кнізе дакументальна-мастацкіх запісак "На імперыялістычнай вайне" (1915-1919 гг., апубл. 1926 г.) з вялікай глыбінёй, суровай і мужнай праўдзівасцю Максім Гарэцкі паказаў грабежніцкую сутнасць вайны. Супраць яе накіраваны і апавяданні "Літоўскі хутарок", "Рускі", "Генерал", "На этапе". Рэчаіснасць напярэдадні імперыялістычнай вайны адлюстравана ў аўтабіяграфічнай аповесці "Меланхолія".

Гаўрыла Гарэцкі (1900-1988 гг.) – вядомы беларускі геолаг, географ і эканаміст, адзін з заснавальнікаў і акадэмік Беларускай акадэміі навук, брат Максіма Гарэцкага. Ён апублікаваў больш за 160 навуковых прац, у тым ліку па фальклоры, дэмаграфіі і археалогіі. Падчас Другой сусветнай вайны Гаўрыла Гарэцкі працаваў галоўным геолагам на абаронных работах у Ржэве і Чарапаўцы. Вайна забрала трох пляменнiкаў Гаўрылы Іванавіча.

Штогод у Гарэцкіх чытаннях, якія ладзяцца з 1992 года, удзельнічаюць каля 50 літаратуразнаўцаў, моваведаў, гісторыкаў і інш.  Па выніках навукова-практычнай канферэнцыі выдаюцца зборнікі матэрыялаў.

Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Рэспубліканскі фонд імя братоў Гарэцкіх, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Месца правядзення: Літаратурны музей Петруся Броўкі (вул. К.Маркса, 30).
25 чэрвеня а 16-й гадзіне Літаратурны музей Петруся Броўкі гасцінна расчыняе дзверы былой кватэры паэта, каб адзначыць дзень народзінаў вядомага чалавека, класіка айчыннай літаратуры — народнага паэта Беларусі Петруся Усцінавіча Броўкі.

Ва ўспамінах "Пра Петруся Броўку" (1984) Васіль Быкаў адзначыў: "Жыццё паэта — частка духоўнага вопыту народа, а кожны народ шануе, збірае да аднае скарбонкі свой духоўны вопыт, без якога ён — не народ, а толькі вялікая ці малая грамада людзей". Спрычыніцца да гэтага вопыту, адчуць радасць сустрэчы з цікавымі людзьмі, а таксама апынуцца ў элегантнай творчай атмасферы, у якой працаваў вядомы аўтар "Александрыны" і "Пахне чабор", запрашаем у дзень нараджэння Петруся Усцінавіча.

Сярод запрошаных — Людміла Карпава, Ганад Чарказян, Галія Фатыхава, прадстаўнікі творчага калектыву выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі", лаўрэат конкурса "Эстрада БДУ" Вольга Кірлік. Ва ўсіх, хто завітае на мерапрыемства, будзе ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з Сяргеем Скарабагатавым — сынам прататыпа героя рамана П.Броўкі "Калі зліваюцца рэкі" Алеся Іванюты.

Месца правядзення: Літаратурны музей Петруся Броўкі (г. Мінск, вул. К.Маркса, 30)
17 мая запрашаем правесці Ноч музеяў у Літаратурным музеі Петруся Броўкі.

Вы апынецеся ў элегантнай творчай атмасферы, у якой працаваў вядомы аўтар "Александрыны" і "Пахне чабор". Творчае асяроддзе будуць узнаўляць удзельнікі тэатральнай майстэрні "Студыёзы" (спектакль па матывах карыкатур Херлуфа Бідструпа, рэжысёр – Вячаслаў Сашчэка) і тэатральнай школы "Вобраз". Падчас музейнай ночы адбудзецца прэзентацыя сайта Textura.by, які дазваляе аўтарам заявіць пра сябе, выставы фотаработ Вікторыі Розум "Край" і прадстаўленне калекцыі парцаляны KARALI (рэчаў, якія зроблены рукамі з найлепшых матэрыялаў). Клубам Grapho у музейнай прасторы будзе зладжана літаратурнае шоў з творчымі трэнінгамі. Акрамя таго, усіх, хто завітае да нас на Ноч музеяў, чакаюць музычныя выступленні, гульні і інш.

Праграма:

16.00-17.40 Прэзентацыя літаратурнага сайта Textura.by, які дапамагае творцам заявіць пра сябе.  Літаратурныя чытанні яскравых аўтараў і сяброў праекта
17.45-18.00 Прэзентацыя фотавыставы "КРАЙ" Вікторыі Розум і прадстаўленне калекцыі парцаляны KARALI
18.05-19.00 Сярэднявечныя фарсы ў выкананні ўдзельнікаў тэатральнай школы "Вобраз"
19.00-21.00 Літаратурнае шоў, зладжанае клубам Grapho: экспромт-чытанне вершаў, выступленне паэта і музыканта Аляксандра Ільіна, нясумная філалагічная гульня ў "надувалачку" з вельмі абаяльным вядучым
21.15-22.30 Спектакль па матывах карыкатур Херлуфа Бідструпа, рэжысёра Вячаслава Сашчэкі і "Ажыўленыя карціны" ў выкананні тэатральнай майстэрні "Студыёзы"
22.30-23.30 Праграма "Жыццё даецца, каб тварыць" у выкананні ўдзельнікаў тэатральнай школы "Вобраз"

Кошт квіткоў: 20 000 бел.руб.

Месца правядзення: Літаратурны музей Петруся Броўкі (г. Мінск, вул. К.Маркса, 30).

Tags:

5 мая а 15-й гадзіне ў Бібліятэцы №1 імя Л.Талстога адбудзецца сумеснае мерапрыемства Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і бібліятэкі "Жыццёвае поле Алеся Савіцкага", прысвечанае 70-годдзю з Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў.

Самыя жорсткія выпрабаванні выпалі на долю беларускага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны. 22 чэрвеня 1941 года раніцай нямецка-фашысцкія войскі раптоўна абрынулі на гарады і вёскі Беларусі і іншых савецкіх рэспублік тысячы снарадаў і бомб. На тэрыторыі Беларусі, якая была захоплена ворагамі, разгарнулася сапраўдная народная вайна. Любоў да Бацькаўшчыны, чалавечая годнасць, нянавісць да захопнікаў заклікалі ісці ў бой супраць тых, хто жадаў ператварыць нашу зямлю ў лагер смерці за калючым дротам.

Гісторыя праходзіць не міма, а праз кожнага з нас. Яна прайшла і праз Алеся Савіцкага. Алесь Ануфрыевіч нарадзіўся 8 студзеня 1924 г. у Полацку ў сям’і рабочага. У 1939 г. сям’я пераехала ў Гродна па месцы службы бацькі, які стаў на той час ваеннаслужачым. Вайна сустрэла Алеся Савіцкага, калі ён скончыў восьмы клас. У 1942–1944 гг. быў у партызанах на Віцебшчыне. З 1944 да 1945 гг. ваяваў на фронце. Пад час вайны быў тройчы паранены. Былы партызан-падрыўнік, баец Савецкай Арміі дайшоў да Берліна і пераможна распісаўся на сцяне Рэйхстага. Пасля дэмабілізацыі працаваў у рэдакцыі полацкай абласной газеты "Бальшавіцкі сцяг", вучыўся ў Літаратурным інстытуце імя Горкага, аспірантуры. З 1962 г. – вучоны сакратар Літаратурнага музея Якуба Коласа. З 1969 па 1973 гг. – загадчык сектара мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 1-й ступені, "Знак пашаны", Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета УССР, медалямі. А вось галоўная ўзнагарода, ордэн Славы, знайшла свайго героя больш чым праз паўстагоддзя, хаця прадстаўлены да яе Алесь Ануфрыевіч загадам камандзіра ІІІ гвардзейскага механізаванага корпуса 27 верасня 1944 года...

На сустрэчы Алесь Савіцкі падзеліцца з моладдзю ўспамінамі пра тыя далёкія трагічныя падзеі. У мерапрыемстве возьме ўдзел першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі Генадзь Пашкоў – паэт, перакладчык, публіцыст.

Месца правядзення: Бібліятэка № 1 імя Л.Талстога (г. Мінск, вул. Маскоўская, 18).
VajnaЗ нагоды святкавання Дня Перамогі і 70-годдзя з дня вызвалення Беларусі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Музей гісторыі беларускага кіно з 5 па 8 мая рэалізуюць праект "Праўда вайны: літаратура і кіно".

У межах праекта ў зале Музея гісторыі беларускага кіно кожны дзень будуць ладзіцца прэзентацыі матэрыялаў выставы, прысвечанай пісьменнікам, якія ў сваёй творчасці закранулі тэму вайны, і паказы фільмаў па іх творах. На выставе будуць прадстаўлены рукапісы, асабістыя рэчы, узнагароды, фотаздымкі і многія іншыя матэрыялы класікаў нашай літаратуры: Івана Шамякіна, Алеся Адамовіча, Васіля Быкава і Віктара Казько.

Праграма:
5 мая 15:00 – Іван Шамякін "Вазьму твой боль"
6 мая 15:00 – Алесь Адамовіч "Ідзі і глядзі"
7 мая 15:00, 18:30 – Васіль Быкаў "Узыходжанне"
8 мая 15:00 – Віктар Казько "Сад"

Ужо ў ХХІ стагоддзі існуе вялікая колькасць літаратурных твораў, кінастужак, спектакляў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны, у якіх аўтары глыбока і пранікнёна аналізуюць гісторыю. У дачыненні да творцаў, якія бачылі і памятаюць вайну, наўрад ці можна сказаць, што іх уражанні з гадамі шмат страцілі ад сваёй свежасці, першастворанасці. З кожным новым творам (літаратурным, тэатральным ці іншым) знаходзяцца новыя ракурсы ваеннага мінулага, формы аповеду і паказу жыццёвага матэрыялу. І з гэтым новым будзе магчымасць пазнаёміцца наведвальнікам, якія ўбачаць праўду вайны вачыма пісьменнікаў і рэжысёраў.

Кошт квіткоў: 8 тыс.

Месца правядзення: Музей гісторыі беларускага кіно (г. Мінск, вул. Свярдлова, 4).
24 красавіка а 17-й гадзіне ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі адбудзецца вечар "Пакуль вятры Чарнобыль раздзімаюць...".

28 гадоў прайшло з той страшнай хвіліны, якая падзяліла час на да- і паслячарнобыльскі. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС сталася праблемай усяго свету і, перш за ўсё, — нацыянальнай трагедыяй беларусаў.

Толькі пры асэнсаванні бяды ёсць надзея яе перамагчы. Каб яшчэ раз узгадаць гэту трагедыю, у Літаратурным музеі Петруся Броўкі збяруцца пісьменнікі і паэты, грамадскія дзеячы, моладзь. Супрацоўнікі музея і вядучая мерапрыемства пісьменніца Вера Буланда запрашаюць усіх далучыцца да шчырай гутаркі. Сярод запрошаных — Міхась Скобла, Сяргей Панізнік, Людміла Хейдарава і інш. Творы беларускіх аўтараў будуць гучаць у выкананні народнай артысткі Беларусі Зінаіды Бандарэнка.

Месца правядзення: Літаратурны музей Петруся Броўкі (г. Мінск, вул. К.Маркса, 30).
shnip_tuteyshaya_tuga3 красавіка а 12-й гадзіне ў Бібліятэцы № 21 адбудзецца сумеснае мерапрыемства Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і Бібліятэкі № 21, прысвечанае прэзентацыі кнігі Віктара Шніпа "Тутэйшая туга". Кніга пабачыла свет у выдавецтве "Чатыры чвэрці" ў 2014 годзе ў серыі "Бібліятэка Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі".

Віктар Анатольевіч Шніп нарадзіўся 26 сакавіка 1960 года ў вёсцы Пугачы Валожынскага раёна. Закончыў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум і Вышэйшыя літаратурныя курсы Літаратурнага інстытута імя М.Горкага ў Маскве ў 1987 годзе. Працаваў у часопісе "Беларусь", газеце "Наша слова". З 1995 па 2004 год – намеснікам галоўнага рэдактара і галоўным рэдактарам газеты "Літаратура і мастацтва". Сёння – галоўны рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура". Аўтар 15 кніг, сярод якіх: "Пошук радасці", "Шляхам ветру", "На рэштках Храма", "Горад Утопія", "Выкраданне Еўропы", "Чырвоны ліхтар", "Воўчы вецер", "Інквізіцыя", "Выратаванне атрутай", "Беларускае мора" і інш. У 2007 годзе за кнігу "Балада камянёў" стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі "Залаты Купідон". За кнігу "Страла кахання, любові крыж" атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі "Мастацкая літаратура" (2008). Выдатнік друку Рэспублікі Беларусь.

"Тутэйшая туга" – новая кніга пісьменніка, яна складаецца з чатырох раздзелаў – "Раніца", "Дзень", "Вечар", "Ноч", у якія ўвайшлі верлібры, прысвечаныя Янку Купалу, Якубу Коласу, Максіму Танку, беларускім мастакам, а таксама дзённікавая проза паэта, філасофская лірыка і своеасаблівы заклік да разважанняў над прачытаным…

У наведвальнікаў бібліятэкі будзе магчымасць сустрэцца не толькі з паэтам Віктарам Шніпам, пачуць яго вершы, задаць пытанні, але і пазнаёміцца з прадстаўнікамі Саюза пісьменнікаў Беларусі і выдавецтва "Чатыры чвэрці", атрымаць задавальненне ад сустрэчы з сапраўднай паэзіяй.

Месца правядзення: Бібліятэка № 21 (г. Мінск, вул. Слабадская, 63).
1 красавіка а 16-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Мінская абласная бібліятэка імя А.Пушкіна ладзяць прэзентацыю другога, дапоўненага выдання кнігі Тэрэзы Голуб "Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова".

Выдавецтва "Беларуская навука" да стагоддзя народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова зрабіла добры падарунак чытацкай аўдыторыі – даследчыкам, выкладчыкам, студэнтам, архівістам, тэкстолагам, музейным супрацоўнікам, школьнікам – 2-е, дапоўненае выданне кнігі Т.Голуб "Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова".

Выхад кніг падобнага жанру – рэдкая ў беларускім літаратуразнаўстве з’ява. Кніга пабудавана на дакументальным матэрыяле. Сабраныя ў "Летапісе…" звесткі ў храналагічнай паслядоўнасці ўзнаўляюць факты з жыццёвай і творчай біяграфіі Аркадзя Куляшова, выдатнага паэта, літаратурнага крытыка, публіцыста, перакладчыка, кінасцэнарыста, грамадскага дзеяча. Падзеі, мерапрыемствы, у якіх прымаў удзел А.Куляшоў, згадваюцца ў непасрэднай сувязі з асяроддзем, што стварае пэўны грамадскі фон, спрыяе ўспрыняццю вобраза галоўнага героя кнігі ў кантэксце часу, той гістарычнай эпохі, у якой яму выпала жыць, адлюстроўвае знітаванасць яго лёсу з лёсам краіны. У кнізе змешчаны рэдкія фотаздымкі, якія з’яўляюцца каштоўнымі ілюстрацыямі да біяграфіі пісьменніка.

Невыпадкова мерапрыемства ладзіцца ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.Пушкіна. Вялікі рускі паэт аказаў значны ўплыў на фарміраванне асобы А.Куляшова-паэта: "...Асаблівай маёй увагай, любоўю і прызнаннем карысталіся Пушкін і Лермантаў, яны адразу і цвёрда ўвайшлі ў мой калыскавы лексікон... можа б і іншая была мая будучая любоў і цяга да літаратуры без гэтага завочнага знаёмства". Да творчасці класіка рускай літаратуры беларускі паэт звяртаўся напрацягу ўсяго жыцця: ім зробленыя высокай мастацкай дасканаласці пераклады твораў А.С.Пушкіна.

У год святкавання 100-годдзя народнага паэта Беларусі "Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова" падрыхтаваны і дапоўнены Тэрэзай Голуб стане важкім унёскам у справу ўшанавання памяці пісьменніка і папулярызацыі яго творчасці.

Месца правядзення: Мінская абласная бібліятэка імя А.Пушкіна (г. Мінск, вул. Гікала, 4).
los4 сакавіка а 16-й гадзіне ў рамках праекта "Апякункі паэтычных нябёсаў" адбудзецца вечарына "...Галоўнае ў жыцці – жыццё", прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння вядомай беларускай паэтэсы Еўдакіі Лось. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

Вясна – найлепшая пара для паэтаў: абуджаецца жыццё, абуджаюцца ўзнёслыя пачуцці ў сэрцы і нараджаюцца прыгожыя радкі. У сваім вершы "Сакавік" словы радасці абвясціла славутая беларуская паэтэса Еўдакія Лось. Яна нарадзілася ў першы дзень вясны 1929 года. Назву першага веснавога месяца яна дала і сваёй першай кнізе – "Сакавік" (1958). Гэтай жанчыне-паэтцы, упэўненай і ўстойлівай, як само жыццё, наканавана было захаваць і пранесці праз усе выпрабаванні вечныя духоўна-эстэтычныя ідэалы прыгажосці, дабрыні, спагады, а таксама веры, любові і надзеі.

Уладзімір Караткевіч назваў некалі Еўдакію Лось "жытніцай" – "істотай з беларускага фальклёру, якая жыве ў каласах і памірае толькі тады, калі апошні чалавек сабраў свой ураджай. Яна дапамагае ўсім і дух яе жыве нават у тым пучку жыта, які выносяць вясною на Юр’я ў поле". "А за добрае стаўленне да мяне і заступніцтва, – пісаў Ул. Караткевіч, – я, калі напішу якую-небудзь паэму, прысвячу яе табе..."

Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі падрыхтавала выставу "Зараз выкажу, выпею сонца-душу", прысвечаную творчай спадчыне Еўдакіі Лось. На выставе будзе магчымасць убачыць усе яе прыжыццёвыя зборнікі, а таксама апошнія перавыданні і сучасныя публікацыі яе твораў. На выставе прадстаўлены не толькі вершы і паэмы, але і апавяданні, замалёўкі, бо як вядома, Еўдакія Лось пісала і для маленькіх чытачоў. Яе творы перакладаліся на розныя мовы свету, з гэтымі перакладамі можна пазнаёміцца на выставе, а таксама ацаніць перакладчыцкі талент самой Еўдакіі Лось. Творчая спадчына беларускай паэтэсы цудоўна дапоўнена яе перакладамі з англійскай, украінскай, рускай, латышскай, малдаўскай і іншых моў. Асобны раздзел выставы прысвечаны жыццёваму шляху Еўдакіі Лось, а таксама літаратурнай крытыцы яе творчасці, прадстаўленай працамі вядомых літаратуразнаўцаў.

На мерапрыемства падзяліцца сваімі ўспамінамі і думкамі запрошаны родныя Еўдакіі Лось, паэты і пісьменнікі, прыхільнікі яе творчасці. Усіх чакае выступленне ўзорнага ансамбля народнай музыкі "Бараўлянская крынічка".

Месца правядзення: Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, інфармацыйна-выставачны цэнтр, 1 паверх, п. 110).